МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ К.С.СТАНІСЛА́ЎСКАГА І У.І.НЕМІРО́ВІЧА-ДА́НЧАНКІ.
Створаны ў 1941 у выніку аб’яднання Опернага т-ра імя Станіслаўскага (з 1928) і Муз.т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1926). З 1964 акадэмічны. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных кампазітараў. Сярод пастановак: оперы «Кармэн» Ж.Бізэ, «Іаланта» П.Чайкоўскага, «Любоў да трох апельсінаў», «Заручыны ў манастыры» («Дуэння») і «Вайна і мір» С.Пракоф’ева, «Сям’я Тараса» і «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскага, «Кацярына Ізмайлава» (рэд. 1962) Дз.Шастаковіча; балеты «Капелія» Л.Дэліба, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Папялушка» і «Скіфы» (на муз.) Пракоф’ева, «Атэла» А.Мачаварыяні; аперэты «Доння Жуаніта» Ф.Зупе, «Бедны студэнт» К.Мілёкера і інш.Вял. ўклад у развіццё т-ра зрабіў С.Самасуд. У розны час у т-ры працавалі: спевакі Г.Бушуеў, С.Галемба, М.Гольдзіна, М.Мельтцэр, Н.Кемарская, У.Кандэлакі (двое апошніх і рэж.), П.Макееў, А.Расніцкая, С.Цэнін, Т.Юдзіна; салісты балета Н.Конюс, М.Рэдзіна, М.Сарокіна, В.Боўт, Э.Уласава, М.Драздова, В.Тэдзееў. Сярод рэжысёраў Неміровіч-Данчанка, П.Маркаў, І.Туманаў, Л.Баратаў, Л.Міхайлаў, І.Шароеў, А.Ціцель (гал.рэж. з 1991), балетмайстраў — У.Бурмейстар, А.Чычынадзе, Дз.Бранцаў (гал. балетмайстар з 1985), дырыжораў — К.Дж.Абдулаеў, В.Есіпаў, Г.Жамчужын, Дз.Кітаенка, У.Понькін (гал. дырыжор з 1996), мастакоў — А.Лушын, У.Арэф’еў (гал. мастак з 1992).
Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі. Сцэна з балета «Лебядзінае возера».